web analytics

Большасць інтэрнэт-карыстальнікаў непакоіць лёс беларускай традыцыйнай культуры

У Міжнародны дзень культуры публікуем вынікі анлайн-даследавання, паводле якога амаль палова маладых інтэрнэт-карыстальнікаў лічыць, што добра ведае традыцыйную беларускую культуру, а траціна з іх гатовая несці адказнасць за яе захаванне.

Анлайн-даследаванне стаўлення беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў да традыцыйнай беларускай культуры праводзілася ў партнёрстве Baltic Internet Policy Initiative i Офіса Еўрапейскай экспертызы і камунікацыі ўвосень 2019 года. Выбарка даследавання з’яўляецца рэпрэзентатыўнай для генеральнай сукупнасцi беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў з 15 да 74 гадоў па поле, узросце і адукацыі.

Падрабязна вынікі даследавання можна паглядзець тут.

Рэспандэнты шануюць, але не надта добра ведаюць сваю традыцыйную культуру:
большасць апытаных лічыць традыцыйную культуру каштоўнай (81%), прызнаюць яе важнасць як падмурка нацыянальнай ідэнтычнасці (71%) і заклапочаныя яе лёсам (71%). Аднак пры гэтым толькі 34% лічаць, што ў іх дастаткова ведаў пра яе. Такім чынам, гэтыя вынікі анлайн-апытання могуць сведчыць пра попыт на веды пра традыцыйную культуру, які пакуль не змаглі задаволіць вышэйзгаданыя крыніцы і інстытуцыі.

Апытанне паказала, што не надта шмат рэспандэнтаў лічыць традыцыйную культуру інструментам палітыкі (30%) ці атаясамлівае яе з субкультурай (24%).

Цікава тое, што найбольшая ўпэўненасць у сваіх ведах пра традыцыйную культуру назіраецца ва ўзроставай групе ад 15 да 24 гадоў (46%) і ад 55 да 74 гадоў (40%) . Апытаныя ад 25 да 55 гадоў складаюць групу, 30% з якой лічаць, што ведаюць пра традыцыйную культуру дастаткова… Важнае пытанне для магчымых далейшых даследаванняў – з чым звязаная гэтая пазітыўная самаацэнка моладзі і наколькі яна аб’ектыўная.

Пра сваю асабістую адказнасць за захаванне традыцыйнай культуры сказалі толькі 32% рэспандэнтаў, а за варыянт «Усе беларусы» — 67% рэспандэнтаў, і гэта найбольш папулярны адказ на пытанне «Хто нясе адказнасць за збор, захаванне і трансляцыю ведаў па традыцыйнай культуры?». Калектыўная адказнасць замест персанальнай — ці не размыванне гэта той самай адказнасці пры прызнанні важнасці традыцыйнай культуры для грамадства? Так ці інакш, найменш папулярны адказ на тое ж пытанне — «Толькі тыя, каму гэта цікава», а значыць, справа захавання спадчыны бачыцца рэспандэнтам як важны супольны праект.

Агулам жа рэспандэнты схіляюцца да таго, што дзяржава павінна рабіць найбольшы ўнёсак у гэты працэс: адукацыйныя і культурніцкія ўстановы, чыноўнікі і навуковыя супрацоўнікі набралі па гэтым пытанні большыя лічбы, чым незалежныя і міжнародныя актары ці нават бізнес і мецэнаты.

Цікава, што маладыя рэспандэнты ва ўзросце ад 15 да 24 гадоў часцей, чым прадстаўнікі іншых узроставых груп, выбіралі варыянты адказу «Я асабіста» (адказны за захаванне ведаў пра традыцыйную культуру)! Людзі з ўзроставых груп 25-34 і 35-44 гады выказалі большы, чым іншыя, давер беларускім грамадскім арганізацыям у справе захавання культурнай спадчыны, а людзі ва ўзросце 45-54 — мецэнатам.

Карыстальнікі інтэрнэту ў Беларусі найчасцей сутыкаюцца з традыцыйнай беларускай культурай у матэрыялах СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў. Так, гэта не дзіўна, бо апытваліся менавіта інтэрнэт-карыстальнікі. З іншага боку, гэта цалкам упісваецца ў сусветны працэс дыгіталізацыі ведаў (бо значнасць унёску сацсетак у распаўсюд ведаў пра традыцыйную культуру таксама значны), але адначасова можа сведчыць і пра плённую працу журналістаў і культуртрэгераў.

Аднак важна адзначыць, што гэтыя лічбы вельмі высокія для ўсіх узроставых катэгорый. Як для маладых беларусаў ад 15 гадоў, так і для людзей сталага і пенсійнага ўзросту СМІ і інтэрнэт называюцца найбольш ужыванымі крыніцамі ведаў пра традыцыйную беларускую культуру. Яны часцей выкарыстоўваюцца рэспандэнтамі, чым непасрэдныя стасункі з носьбітамі культуры і сябрамі ці нават знаёмства з творамі сучаснага мастацтва, навучальны працэс ці праца.

Цікавае параўнанне чакае нас, калі мы суаднясём колькасць тых, хто сутыкаецца з традыцыйнай беларускай культурай на вучобе і працы, з тымі, хто гэта робіць дзякуючы рэкламе, абгортцы, модзе і турызму. На вучобе ці працы такіх значна менш. Такія лічбы могуць сведчыць пра тое, што беларускаарыентаваны бізнес прыцягвае больш увагі людзей да традыцыйнай культуры, чым беларуская адукацыя.

Толькі 8% удзельнікаў анлайн-апытання не цікавяцца традыцыйнай беларускай культурай.

Дакументальныя фільмы (55%), архіўныя фатаграфіі (53%) і тэлеперадачы (49%) – тры найбольш папулярныя формы падачы інфармацыі для рэспандэнтаў даследавання.
Тэматычныя кнігі і публікацыі ў СМІ таксама набіраюць даволі значныя лічбы прыхільнікаў – 43% і 38%. Як гэта стасуецца з адказам на першае пытанне анлайн-даследавання, калі большасць рэспандэнтаў назвала менавіта СМІ і інтэрнэт найбольш важнай для іх крыніцай ведаў пра традыцыйную культуру? Хутчэй за ўсё, і дакументалістыку, і архівы, і “тэлеперадачы” рэспандэнты часцей будуць шукаць у сеціве, чым нейкім іншым чынам.

Трэба заўважыць, што менавіта моладзь ад 15 да 24 гадоў найбольш зацікаўленая ў архіўных фотаздымках і кнігах пра беларускую традыцыйную культуру, а старэйшыя людзі – у дакументальных стужках і тэлеперадачах.

Такім чынам, анлайн-даследаванне паказвае, што пры надзвычай вялікай павазе інтэрнэт-карыстальнікаў да беларускай традыцыйнай культуры і заклапочанасці яе лёсам яны невысока ацэньваюць свае веды пра яе, а таксама аддаюць перавагу калектыўнай, а не сваёй персанальнай адказнасці за яе. Моладзь ад 15 да 24 гадоў – гэта найбольш арыентаваная менавіта на сваю персанальную адказнасць за традыцыйную культуру група апытаных. Найбольш цікавыя для іх формы стасавання з традыцыйнай культурай – гэта архіўныя фотаздымкі, тэматычная літаратура і дакументальныя фільмы.

Арганізатары даследавання выказваюць падзяку «Этнаўсё» за дапамогу ў распрацоўцы пытанняў

Крынiца:

https://budzma.by/news/trad-kultura-dasliedavannie.html

Оцените статью
( Пока оценок нет )

Добавить комментарий