Мониторинг темы про цифровые навыки (digital skills)
Лічбавая трансфармацыя хутка мяняе эканамічнае асяроддзе. Новыя тэхналогіі вельмі моцна ўплываюць на рынак працы, павышаючы патрэбнасць у такой адукацыі, якая б дапамагла прыстасавацца да лічбавага стылю жыцця і працы. Пандэмія COVID-19 паскорыла лічбавую трансфармацыю многіх арганізацый і МСП, і нават органы дзяржаўнай улады сёння прапануюць свае паслугі анлайн. Акрамя гэтага, пандэмія выявіла тыя вобласці лічбавай эканомікі і грамадства, якія патрабуюць паляпшэння. У прыватнасці, яна прадэманстравала тое, як важна валодаць адпаведнымі лічбавымі навыкамі.
У некаторых выпадках, каб забяспечыць эфектыўны пераход да анлайн-асяроддзя, патрабуецца дадатковая інфраструктура. Таму ў тых сферах, дзе гэта было неабходна, былі створаныя платформы і вэб-рашэнні. Дужа верагодна, што ў некаторых абласцях эканомікі аддаленая праца і лічбавыя паслугі застануцца назусім і стануць новым стандартам. Аднак рух у бок больш лічбавага стылю аказання дзяржаўных і прыватных паслуг яскрава выявіў нястачу лічбавых навыкаў як у насельніцтва ў цэлым, так і ў дзяржаўных службоўцаў. Гэта можа весці да затрымак з укараненнем лічбавых паслуг або перашкаджаць іх паспяховаму выкарыстанню.
Пераход да паслуг у лічбавым фармаце яшчэ больш павялічыў лічбавы разрыў і яскрава прадэманстраваў, што нават калі лічбавая інфраструктура і навыкі развіваюцца, існуе мноства непрывілеяваных членаў грамадства, якія не могуць удзельнічаць у лічбавай эканоміцы і грамадстве. Таму неабходна засяродзіць яшчэ большую ўвагу на пашырэнні іх магчымасцей як у ЕС, так і ва Усходніх краінах-партнёрах. У заяве ААН гаворыцца, што лічбавыя тэхналогіі здольныя павялічыць няроўнасць і нават паскорыць гэты працэс і што мы рызыкуем выключыць з жыцця грамадства амаль палову жыхароў Зямлі, большасць якіх – жанчыны, што ўсё яшчэ не маюць доступу да інтэрнэту.
Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляйен заявіла, што лічбавая пісьменнасць павінна стаць фундаментам для ўсіх. Аднак лічбавая сталасць насельніцтва ў цэлым вельмі моцна адрозніваецца паміж асобнымі дзяржавамі-членамі ЕС і Усходнімі краінамі-партнёрамі. Індэкс лічбавай эканомікі і грамадства (DESI) паказвае, што чацвёра з дзесяці дарослых у ЕС адчуваюць недахоп лічбавых навыкаў. Акрамя таго, прадстаўнікі больш за 70 % прадпрыемстваў адзначаюць, што недахоп супрацоўнікаў з адпаведнымі лічбавымі навыкамі перашкаджае інвестыцыям. Усходнія краіны-партнёры сутыкаюцца з падобнай праблемай: узровень валодання базавымі лічбавымі навыкамі ў насельніцтва застаецца параўнальна нізкім. Напрыклад, згодна з апытаннем «Каўказскі барометр» 2019 года, 47 % жыхароў Грузіі не валодалі базавымі навыкамі карыстання камп’ютарам. Такая ж самая сітуацыя назіраецца і ў Арменіі, дзе 34 % грамадзян не мелі базавых лічбавых навыкаў у 2019 годзе. Апытанне, праведзенае Міністэрствам лічбавай трансфармацыі Украіны ў 2019 годзе, паказала, што ва Украіне ў 53% насельніцтва ўзровень базавых лічбавых навыкаў быў ніжэй сярэдняга, а 15,1 % жыхароў краіны і наогул не валодалі лічбавымі навыкамі.
Каб усе грамадзяне змаглі атрымаць карысць ад лічбавізацыі і навыкі, неабходныя дзеля ўдзелу ў лічбавым грамадстве, Еўрапейская камісія плануе забяспечыць прынамсі 80% грамадзян Еўропы базавымі лічбавымі навыкамі шляхам ажыццяўлення адпаведных ініцыятыў, такіх як «Еўрапейская праграма развіцця навыкаў» і «План дзейнасці ў галіне лічбавай адукацыі». Апрача іншага, пры дапамозе «Лічбавага компаса» ЕК прапанавала прадставіць імкненні ЕС у лічбавай сферы да 2030 года ў выглядзе пэўных умоў. Асноўныя мэты былі аб’яднаныя ў чатыры блокі:
1) Грамадзяне, якія валодаюць лічбавымі навыкамі, і высокакваліфікаваныя спецыялісты ў лічбавай галіне: да 2030 года ў ЕС прынамсі 80 % сталага насельніцтва павінна валодаць базавымі лічбавымі навыкамі, у сферы ІКТ павінна быць 20 мільёнаў практыкуючых спецыялістаў, а жанчыны мусяць часцей займаць падобныя працоўныя пазіцыі.
2) Надзейная, эфектыўная і ўстойлівая лічбавая інфраструктура: да 2030 года ў ЕС усе хатнія гаспадаркі павінны мець гігабітнае падключэнне, а ўсе населеныя тэрыторыі мусяць быць пакрытыя сеткай 5G; выраб сучасных рэсурсазберагальных паўправаднікоў у Еўропе павінен складаць 20 % ад сусветнага; 10 000 няшкодных для клімату перыферыйных вузлоў з высокай ступенню абароненасці мусяць быць уведзеныя ў эксплуатацыю ў ЕС; у Еўропе павінен з’явіцца першы квантавы камп’ютар.
3) Лічбавая трансфармацыя прадпрыемстваў: да 2030 года тры з чатырох кампаній павінны выкарыстоўваць паслугі воблачных вылічэнняў, вялікія даныя і штучны інтэлект; больш за 90 % МСП павінны дасягнуць хаця б базавага ўзроўню лічбавай інтэнсіўнасці; колькасць стартапаў-«аднарогаў» у ЕС павінна вырасці ў два разы.
4) Лічбавізацыя дзяржаўных паслуг: да 2030 года ўсе асноўныя дзяржаўныя паслугі павінны быць даступныя анлайн; усе грамадзяне мусяць мець доступ да сваіх электронных медыцынскіх карт; 80 % грамадзян павінны карыстацца тэхналогіяй электроннага пасведчання асобы.
Еўрапейская камісія абавязалася змагацца з разрывам у лічбавых навыках і прасоўваць праекты і стратэгіі, накіраваныя на павышэнне ўзроўню лічбавых навыкаў у Еўропе. Большасць гэтых ініцыятыў цесна звязана з дзейнасцю EU4Digital ва Усходніх краінах-партнёрах, якая ўключае ў сябе стварэнне Нацыянальных кааліцый па лічбавых навыках і працоўных месцах і распрацоўку Метадалогіі вымярэння і прагназавання разрываў у лічбавых навыках у адпаведнасці з індэксам DESI. Еўрапейская платформа для развіцця лічбавых навыкаў і працоўных месцаў – гэта новая ініцыятыва, якая была нядаўна запушчаная ў межах праграмы Еўрапейскага механізма ўзаемадзеяння. Там можна знайсці інфармацыю і крыніцы на тэму лічбавых навыкаў, а таксама трэнінгі і магчымасці фінансавання, якія могуць быць карысныя для новых нацыянальных кааліцый Усходніх краін-партнёраў.
Падкрэсліваецца, што вымярэнне лічбавых навыкаў грае вызначальную ролю для аналізу працэсу лічбавага перахода і разрыву ў лічбавых навыках. Таму даклады DESI, якія адсочваюць ажыццяўленне лічбавай трансфармацыі дзяржавамі-членамі ЕС у розных галінах, фіксуюць іх поспехі і дапамагаюць зразумець, што неабходна зрабіць у будучыні, выходзяць кожны год. Выкананне вымярэнняў з выкарыстаннем паказальніка ўзроўню лічбавых навыкаў у адпаведнасці з індэксам DESI дазволіць Усходнім краінам-партнёрам параўнаць свае вынікі, ацаніць эфектыўнасць інвестыцый і вызначыць вобласці, якія патрабуюць паляпшэння, каб і ў далейшым удасканальваць лічбавыя кампетэнцыі.