изучаем мнение эксперта по беларускому медийному ландшафту
Як зьмяніўся мэдыйны ляндшафт Беларусі за год пасьля разгрому Tut.by? Што адбылося з аўдыторыямі незалежных і праўладных інфармацыйных рэсурсаў? Якімі сталі інфармацыйныя густы беларусаў?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае журналіст, палітычны аналітык, мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі.
Быкоўскі: «Гіпэрмаркетам», у якім ёсьць усё і якім быў Tut.by, ня стаў ніхто
У інфармацыйнай прасторы Tut.by быў Манблянам на фоне астатніх «пагоркаў». Партал ахопліваў дзьве траціны ўсёй аўдыторыі.
Гэтыя «пагоркі» складаюць «даўгі хвост», які ня вельмі зьмяніўся пасьля таго, як зрылі «Манблян».
Цікавасьць да мэдыя абумоўленая цікавасьцю да навінаў, якія мяняюць нашае жыцьцё. Калі такіх навінаў мала ці няма, то мэдыя, якія пішуць пра прагнозы надвор’я, выклікаюць большую цікавасьць, чым тыя, што пішуць пра палітыку.
Рэпрэсіі прымусілі перабрацца за мяжу значную частку незалежных мэдыя. Але адначасова зьмяніўся і палітычны ляндшафт. Калі пэрспэктыва рэвалюцыі, зьмены рэжыму не ўяўляецца блізкай, то нашто чытаць палітычныя навіны?
У незалежных мэдыя шмат абмежаваньняў — іх абвяшчаюць экстрэмісцкімі, блякуюць іх сайты, папяровыя газэты перасталі распаўсюджвацца. Агулам аўдыторыя незалежных мэдыя зьменшылася на 9%, у дзяржаўных СМІ яна засталася такой жа, якой і была.
Пры гэтым давер да дзяржаўных мэдыя значна меншы, чым да недзяржаўных. Аднак ёсьць людзі, якія ўсьведамляюць, што дзяржаўныя мэдыя хлусяць, але працягваюць іх спажываць, каб трымаць руку на пульсе.
Пасьля таго як зьнік партал Tut.by, яго пляцоўкі на розных плятформах — на Youtube, у Telegram — засталіся ў спадчыну «Зеркалу». І гэта аўдыторыя памерам больш як у мільён.
У 2020 годзе быў пік інфармацыйнага спажываньня, але тады былі і падзеі, якія моцна закраналі аўдыторыю. Цяпер відавочны спад цікавасьці да палітычных навінаў. Рэпрэсіі сталі рутынай, таму яны ўжо эмацыйна ня так кранаюць аўдыторыю.
Tut.by быў «гіпэрмаркетам», у якім прысутнічалі розныя тавары, «Зеркало» стала грамадзка-палітычным выданьнем.
Цяпер самая важная інфармацыйная пляцоўка — гэта Youtube. Ён найбольш прыдатны для аўдыторыі, якая прызвычаілася глядзець тэлевізію.
Большасьць грамадзка-палітычных тэлеграм-каналаў прапануюць адно і тое ж. Яны часам публікуюць абсалютна аднолькавыя навіны. У выніку адбываецца скарачэньне аўдыторыі.
Калі тэлеграм-канал абвяшчаюць экстрэмісцкім, колькасьць падпісчыкаў адразу зьмяншаецца. Але многія абываталі лічаць, што ўсе незалежныя каналы абвешчаныя экстрэмісцкімі, а навіны ж недзе трэба браць.
Некаторыя проста «зносяць» з тэлефона Тэлеграм, калі сытуацыя небясьпечная, а потым ізноў яго загружаюць. І пры гэтым нават не адпісваюцца ад «экстрэмісцкіх» каналаў.
Мы бачым зьяўленьне вялікай колькасьці ляялісцкіх, прадзяржаўных інфармацыйных праектаў. Але яны ня маюць надта вялікай аўдыторыі, за выключэньнем некаторых.
Youtube-канал газэты «Беларусь сегодня» мае аўдыторыю, якая перавышае ўсю інтэрнэт-аўдыторыю Беларусі. Пры гэтым гэты канал больш расказвае пра падзеі ва Ўкраіне з пункту гледжаньня Крамля.
Паколькі ў Эўропе заблякаваныя Youtube-каналы расейскіх прапагандысцкіх тэлеканалаў, прарасейская расейскамоўная публіка ў Эўропе глядзіць канал «Беларусь сегодня». Выглядае, што беларуская прапаганда падставіла плячо саюзьніку.
Лукашэнка неаднойчы казаў кіраўнікам прапагандысцкай галіны, што ня варта замарочвацца гэтым інтэрнэтам, самае галоўнае — гэта тэлебачаньне. Але пэўная праца па прасоўваньні праўладнага парадку дня ідзе нават у TikTok.
Мне здаецца, што тэлеграм-канал «Желтые сливы» больш працуе на палітычных эмігрантаў, каб дэмаралізоўваць іх. У звычайных дзяржаўных СМІ іх амаль не цытуюць.
Што тычыцца такіх рэсурсаў, як Belnovosti, Smartpress, Blizko.by, то я б іх не адносіў да цалкам ляялісцкіх. Мне здаецца, што гэта проста камэрцыйныя мэдыя. Іх рэдакцыйная палітыка палягае ў тым, каб не раздражняць кіроўны рэжым.
Яны, магчыма, любяць Расею больш, чым некаторыя іншыя рэсурсы, але яны пішуць прыкладна тое ж, што і колішнія дэмакратычныя рэгіянальныя выданьні, якія прыцішылі голас, каб ня трапіць пад рэпрэсіі.
Цяпер любыя выданьні, якія працуюць у Беларусі, ня будуць цытаваць рэсурсы, якія прызнаныя экстрэмісцкімі.
Тое, што для Беларусі адключылі Яндэкс-Дзэн, ударыла шмат па якіх беларускіх мэдыя.
«Гіпэрмаркетам», у якім ёсьць усё і якім быў Tut.by, ня стаў ніхто. Мог ім стаць Onliner, але яны таксама пад ціскам абставінаў зьмянілі рэдакцыйную палітыку.
Яны адэкватна асьвятляюць вайну, але ўнутраныя тэмы яны асьвятляюць гэтак жа, як асьвятлялі да 2020 году. Яны і тады не пісалі пра палітыку, і цяпер ня пішуць.
Мэдыя, у тым ліку і тыя, што працуюць з-за мяжы, навучыліся працаваць з аўдыторыяй, якая дасылае ім інфармацыю, фота і відэа.
У рэдакцыях зьяўляюцца новыя спэцыялісты — тыя, хто вучыць аўдыторыю, як здымаць фота і відэа, каб яно было прыдатным для мэдыя.
Зь Яндэкс-Дзэн выкінулі наагул усе беларускія мэдыя. А зь Яндэкс-Навінаў выкінулі СМІ, якія прызналі экстрэмісцкімі. Яндэкс накіраваў у рэдакцыі гэтых СМІ тлумачэньне, што яны атрымалі адпаведныя паведамленьні ад пракуратуры Беларусі і таму ня могуць іх перадрукоўваць.
І гэта істотна для беларускіх СМІ. Але ў Беларусі заўсёды было спаборніцтва Яндэкса і Гугла. Цяпер тыя, хто хоча атрымліваць альтэрнатыўную інфармацыю, будуць карыстацца Гуглам.
Калі было 1000 палітвязьняў, а стала 1010 ці 1020 — гэта для чалавека, ня вельмі заангажаванага ў палітыку, як рост травы. Гэта непрыемна, але навошта чытаць пра гэта?
Мэдыя мяняюць палітыку, яны расказваюць чалавечыя гісторыі. Чалавечыя гісторыі заўсёды чытаюць, як палітычныя, гэтак і непалітычныя.
Ёсьць так званая журналістыка рашэньняў: у чалавека ёсьць праблема, мэдыя могуць расказаць яму, як яе вырашыць. Гэта выхад на масавую аўдыторыю.
Мы ў межах маніторынгу мэдыя фіксавалі ўсплёск цікавасьці да інфармацыі пра вайну Расеі ва Ўкраіне. Але гэта было з 24 лютага да сярэдзіны сакавіка. Аднак потым і гэта стала рутынай. І цікавасьць да гэтай тэмы пачала падаць.
Пэўны час здавалася, што Беларусь вось-вось можа ўступіць у вайну сваім войскам. Але шмат разоў пра гэта гаварылі, але ня спраўдзілася. І Лукашэнка паўтараў, што гэтага ня будзе, калі ня будзе агрэсіі супраць Беларусі. А яе не было.
Ня тое што вайной ва Ўкраіне не цікавяцца наагул. Але гэта ўжо ня тэма першай паласы.
Источник:
https://svaboda.global.ssl.fastly.net/a/31858597.html